Фестываль стаў святам

Першы адкрыты шматжанравы фестываль-конкурс  “Svitanak Art” адбыўся ў святочныя дні ў дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна”.

— Такое мерапрыемства ў раёне прайшло ўпершыню,— расказвае дырэктар цэнтра “Світанак” Алена Карыткіна.— Пра яго арганізацыю мы думалі не адзін год. Была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа перш, чым мы змаглі адкрыць свае дзверы як для пухавіччан, так і для гасцей раёна. Фестываль-конкурс мы з самага пачатку планавалі зрабіць абласным.

Сёння на самой справе існуе нямала розных конкурсаў, якія дазваляюць выявіць і прадэманстраваць таленты.  Аднак яшчэ адзін, упэўнены яго арганізатары, не павінен стаць лішнім. Наадварот: ён можа стаць адметным і цікавым для дзяцей раёна і вобласці.

— Мы ведаем, што ў садках, школах і цэнтрах творчасці займаюцца сотні таленавітых дзяўчынак і хлопчыкаў,— кажа Алена Анатольеўна.— З імі займаюцца дзясяткі прафесійных педагогаў. Пазнаёміць іх, даць магчымасць прадэманстраваць свой узровень, пабачыць узровень другіх дзяцей — гэта тыя задачы, што мы ставілі перад сабой. І, думаю, што у нас ўсё атрымалася.

Пухавіцкі раён, Старыя Дарогі, Слуцк, Мінск— такой была геаграфія першых удзельнікаў фестывалю ў Мар’інай Горцы. А іх сабралося нямала : больш за 250 школьнікаў выходзілі на сцэну “Світанка”.

Конкурсы адбыліся ў чатырох намінацыях: вакальнае, тэатральнае, інструментальнае і харэаграфічнае  мастацтва.  Улічваліся і ўзроставыя групы.

Найбольш прадстаўнічым стаў конкурс танцавальных калектываў. Розныя накірункі — ад народных танцаў да стрытданса — былі прадстаўлены юнымі танцорамі. Безумоўнымі лідарамі і пераможцамі сталі выхаванцы школы “Держи ритм” са Слуцку і філіяла гэтай жа школы са Старых дарог. Аднак яркія нумары паказалі і пухавіччане:  ансамбль “Инсайт” (“Світанак”, кіраўнік Святлана Журок), “Гранд” (СШ №2, кіраўнік Аліна Лісоўская), “Радуга” (СШ №4, кіраўнік Аксана Брывач), “Штрихи” (СШ №3, кіраўнік Крысціна Янкова) і інш. Не спалохаліся канкурэнцыі з дарослымі нават самыя малодшыя дзеткі — выхаванцы Наталлі Лебедзь з цэнтра дашкольнага развіцця “Расток”.

Моцнымі вакалістамі паказалі сябе сталічныя госці, хаця зноў жа нямала лаўрэатскіх дыпломаў заваявалі і пухавіччане. Гэта дзеці, якія займаюцца ў “Світанку” пад кіраўніцтвам Алены Карыткінай, Інны Лойка,  у Рудзенскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Ганны Лявіцкай, а таксама школьнікі з Мар’інай Горкі, якія займаюцца з Наталляй Лебедзь. Прыкладам для малодшых сталі вопытныя вакалісткі Паліна Аўсянік і Ліза Няборская з мар’інагорскай СШ №2. Аднак і самыя маленькія змаглі ўразіць журы. Напрыклад, проста скарыў усіх сваім артыстызмам і вакалам Уладзіслаў Сянчук з Рудзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” .

З вакалам, як стала зразумела, усё у нашым раёне добра. Нядрэнна, на погляд журы, і з тэатральным майстэрствам. “Світанак” прадставіла Вікторыя Дзільман, якая годам раней стала адной з пераможцаў рэспубліканскага конкурса талентаў. Юная актрыса і на гэты раз выступіла так, што ў зале не засталося абыякавых. Яскравымі выступленнямі ўразілі журы выхыванцы тэатральнай студыі “Зазеркалье” пад кіраўніцтвам Хадыка Наталлі. Здзівіў сваім прафесіяналізмам тэатр моды “Архитектоника”  Рудзенскага дома культуры (кіраўнік Наталля Шумакова). Фантазіі і крэатыву мала не было. Артысты атрымалі адны вышэйшыя балы.

Дарэчы, раздавалі іх члены кампетэнтнага журы, пытанняў да работы якога наогул не было.

— Ацэньвалі таленты нашых дзяцей сапраўдныя прафессіяналы, людзі, чые імёны вядомы не толькі вузкаму колу людзей ад мастацтва, але і многім беларусам,— гаворыць Алена Карыткіна. – Мы ўдзячны ім за тое, што дастаткова занятыя людзі не адмовіліся завітаць у Мар’іну Горку, каб пастарацца разгледзець тут новыя таленты, адкрыць новыя зорачкі.

Няпроста было працаваць членам журы ў намінацыі інструментальнай музыкі, таму што і там канкурэнцыя прысутнічала відавочная.  Сёння многія дзеці на даволі высокім узроўні авалодваюць музычнымі інструментамі. Таму на конкурсе і ў гэтай намінацыі прадстаўлены былі розныя стылі і жанры.  Прафесійна і ярка выступілі выхаванцы школы мастацтваў (ансамбль “Лауда” , кіраўнік Святлана Лось), выхаванцы Таццяны Тагушовай – цымбалісты, атрымалі вышэйшыя ўзнагароды. Эстрадную старонку ўзначалілі дзеці са “Світанка” і Рудзенскай школы мастацтваў. Парадаваў выступленнем ансамбль гітарыстаў з СШ №2 (кіраўнік Надзея Шпакоўская). А таксама трыа гітарыстаў з Зазерскай школы мастацтваў (кіраўнік Уладзімір Міраеўскі).

— Падводзячы вынікі першай пробы пяра, мы можам сказаць, што фестываль паказаўся ўсім цікавым і карысным,— гаворыць Алена Карыткіна.— Ён стаў сапраўдным святам, пляцоўкай, з якой дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае таленты.  Мы пераканаліся, што можам праводзіць такія мерапрыемствы на высокім узроўні. Думаем, што другі такі фестываль, што ўжо запланаваны на восень, пройдзе яшчэ лепш, яшчэ больш масштабна. Так, нас не палохае, што да нас прыедзе яшчэ больш канкурсантаў. Пухавіччане маюць незадзейнічаныя рэсурсы: для розных намінацый знойдуцца пры неабходнасці і розныя канцэртныя пляцоўкі, дзе будзе камфортна кожнаму.

Алена Шантыка